Свята бульбы ў Князева

Чаго толькі не было ў цэнтральным парку нашага аграгарадка Князева ў мінулую нядзелю, 6 верасня!

Цудоўныя мастацкія вырабы з бульбы, выстава работ народных майстроў, майстар-класы, фотагалерэя, дзе Яе Вялікасць Бульба была прадстаўлена ва ўсёй сваёй прыгажосці.., але гэта былі не проста выставы, а конкурсы, вынікі якіх падводзіла кампетэнтнае журы.

Дый не дзіва гэта! Ужо колькі год запар Князева ўшаноўвае БУЛЬБУ!

Падзея і на самай справе адбылася яскравая. Вось гасцей свята вітаюць Мадам Пюрэ і Бульбаманіха. Як сапраўдныя  гаспадары, яны распавядаюць пра праграму свята, пра гасцей, што завіталі.

Пад гукі музыкі на  сцэне праходзіць конкурс  “Князеўская Лілея”.

“Нашы дзяўчаткі стараліся,

І ў бульбу наражаліся.

І зараз вось у гэты час

Вам прапануюць свой паказ”.

А колькі навокал было смакаты! Дранікі, бульба, запечаная з салам, розныя бутэрброды — усяго не пералічыш! Госці з задавальненнем частаваліся.

На сцэне самадзейныя творчыя калектывы раёна выконвалі цудоўныя музычныя кампазіцыі. Ствараць святочны настрой дапамагалі народны ансамбль песні і музыкі “Весялуха”, удзельнікі народнай эстраднай студыі “Рэтра”.

Нарэшце загучалі фанфары і на сцэну паднялося журы, каб назваць імёны пераможцаў конкурсаў  “Арыгінальнае блюда”, “Бульбяны багатыр”, “Бульбяная фантазія” і іншыя і ўзнагародзіць іх.

На добрую доўгую памяць жадаючыя фатаграфаваліся з гаспадынямі свята — Мадам Пюрэ і Бульбаманіхай.

Свята завяршылася, але водгукі яшчэ доўга будуць гучаць над Князеўшчынай, каб запрасіць жыхароў аграгарадка і яго гасцей у наступным годзе.

723 просм.

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *