Шчодры вечар! Глядзіце, як на Зэльвеншчыне адраджаюць народныя святы

Вельмі насычаным на цікавыя мерапрыемствы быў першы месяц года для наведвальнікаў дзённага аддзялення цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Напярэдадні Старога Новага года клуб для інвалідаў “Сардэчныя сустрэчы” (кіраўнік – Таццяна Мананнікава) арганізаваў “Шчодры вечар”.

Усё было, як і належыць: шчодрая куцця, шчадроўнікі з Казой і песнямі, падарункі ад гаспадароў… Клуб “Спявай, душа!” (кіраўнік – Вера Тульвінская) віншаваў з Калядамі і Новым годам пажылых людзей у Мадзейках, малалетніх вязняў г. Ваўкавыска, дапамагаў у падрыхтоўцы імпрэзаў у самім аддзяленні. Вось і вячоркі клуба “Малюся Слову” не адбыліся б, калі б не таленавітыя спевакі з песеннага калектыву.

Творчасць Адама Русака, вельмі папулярнага ў сярэдзіне 20 стагоддзя паэта-песенніка, дапамагла нам усім згадаць пасядзелкі-вячоркі ды вясельны абрад. Бо і сапраўды, хто з моладзі 60-70-х гадоў не спяваў русакоўскіх песень: “Мой край”, “Як правёў мяне Цімох”, “Чырвоная вяргінечка”, “Толькі з табою”, “Не шукай” і інш. Гэтыя песні ўзнавілі ў памяці і выканалі для нас Станіслава Прызван, Галіна Андрэева, Алена ПайзулаеваМіхаіл Пазнанскі, Вера Тульвінская. Вельмі цёпла прынялі “Сярожку”, якую калісьці бліскуча выконвалі заслужаныя артысткі Беларусі Марыя Адамейка і Ганна Аўдзеенка. У нас за дачушку спявала Галіна Андрэева, за матулю – Алена Пайзулаева.

Інсцэніравалі і вершы: “Свецяць зоры” і “Многа ў полі тых дарожак” – Ванда Кавалевіч і Марыя Кукаловіч; “Пазбіраліся дзяўчаты” і “Ад чаго пяе салоўка” – Галіна Рудая і Алена Пайзулаева; “Брыгадзір” Тамара Месячык і Таццяна Мананнікава; “Ходзіць дзеўчына па воду” – Надзея Жамойціна і Алена Пайзулаева. Вершы, што не патрабавалі інсцэніроўкі, хораша чыталі Ірына Пазняк, Ларыса Сталпец, Святлана Мацкевіч.

Калі вячоркі плаўна перайшлі ў вяселле, на яго сардэчна запрашалі гаспадары Ала Бутакова і Марыя Кукаловіч. За сталом не давалі гасцям і маладым сумаваць Алена Хадакоўская, Алена Еўдакімава, Алена Мартынчык і, вядома, нашы пявунні. Закончылі вясельны абрад знаёмай усяму былому СССР песняй Адама Русака “Бывайце здаровы”.

963 просм.

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *