Асоба Льва Сапегі выходзіць далёка за межы толькі аднаго горада
Велічная фігура выбітнага дзяржаўнага дзеяча сёння ўзвышаецца ў скверы ў цэнтры Слоніма: Леў Сапега нібы крочыць па горадзе, якім валодаў больш за чатыры стагоддзі таму. Менавіта гэты перыяд сёння нярэдка называюць “залатым векам Слоніма”. У руках – булава і разгорнуты світак з фрагментам тэксту прывілея Жыгімонта ІІІ, якім ён даў Сапегу права на выданне зводу законаў ВКЛ.
Варта сказаць, што адкрыццё помнікаў вядомым асобам, звязаным адначасова і са станаўленнем беларускай пісьменнасці, літаратуры, і з горадам – сталіцай Дня беларускага пісьменства, – адна з добрых традыцый свята. Так на Гродзеншчыне ў свой час былі ўсталяваны помнікі Елісею Лаўрышаўскаму ў Навагрудку, Францішку Багушэвічу ў Смаргоні. Для Слоніма такой знакавай постаццю, бясспрэчна, з’яўляецца Леў Сапега.
У адкрыцці помніка прымалі ўдзел намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка, міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч, старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, старшыня Слонімскага райвыканкама Генадзь Хоміч.
– Легендарныя постаці вяртаюцца ў сучасную Беларусь – помнікамі, кнігамі, артэфактамі, – адзначыў важнасць падзеі Аляксандр Карлюкевіч. – Гэтыя сімвалы не нарадзіліся б без творчай думкі, натхнення нашых мастакоў, пісьменнікаў, творцаў.
Асоба Льва Сапегі выходзіць далёка за межы толькі аднаго горада. Ураджэнец сучаснага Бешанковіцкага раёна, ён выхоўваўся ў нясвіжскай рэзідэнцыі Радзівілаў, адукацыю атрымаў у Лейпцыгскім універсітэце. Сваю кар’еру пачынаў са сціплай пасады пісара ў Аршанскай канцэлярыі, пасля зрабіў выдатную карьеру і даслужыўся да высокай пасады канцлера, атрымаў званне ваяводы віленскага і вялікага гетмана ВКЛ. Неацэнна яго заслуга і ў выданні ў 1588 годзе Статута ВКЛ. Акрамя таго, што Сапега рэдагаваў асобныя тэксты, фінансаваў выданне дакумента, ён актыўна настойваў на тым, каб Статут быў напісаны на старабеларускай мове.
Што тычыцца яго ролі ў станаўленні Слоніма, варта згадаць, што гэты горад ён атрымаў ва ўпраўленне ў 1586 годзе. Па яго просьбе ў 1591-м Слоніму было пацверджана Магдэбургскае права і дараваны герб. На ім – леў, які трымае залатую стралу. За час праўлення Льва Сапегі Слонім стаў развітым цэнтрам рамёстваў і гандлю. Былі пабудаваны ратуша, гандлёвыя рады, першыя цэхі рамеснікаў, аформіўся гістарычны цэнтр з брукаванымі вуліцамі, плошчамі і мастамі. Ды і ўвогуле ўзвысілася палітычная значнасць горада: сюды з’язджаліся для правядзення перадсеймавых генеральных сеймікаў ВКЛ сенатары і паслы павятовай шляхты.
Таму невыпадкова адкрыцця гэтага помніка даўно чакалі ўсе сланімчане.
– Дзякуй усім жыхарам, мастакам, скульптарам, якія прымалі ўдзел у гэтым праекце. Гэта значная падзея, якая нагадвае пра сувязь мінуўшчыны і сучаснасці. Помнік Льву Сапегу – не проста выдатнае ўпрыгожванне горада. Гэта і нагода задумацца, а што асабіста ты пакінеш у спадчыну пасля сябе, – упэўнены Генадзь Хоміч.
З адкрыццём помніка Льву Сапеге звязаны яшчэ адзін цікавы факт: па сутнасці, скульптура аб’яднала адразу дзве вядомыя асобы, імёны якіх звязаны са Слонімам. Акрамя Льва Сапегі, гэта скульптар Іван Міско – народны мастак Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва, ураджэнец Слонімшчыны. Ён разам з калегамі па творчым цэху Уладзімірам Піпіным і Сяргеем Логвіным з’яўляецца аўтарам помніка. Для Івана Міско падзея асабліва значная ў творчай біяграфіі: гэта яго першая праца на роднай Гродзеншчыне.
– Доўга і цярпліва мы чакалі гэтай падзеі і нарэшце з глыбінь вякоў, адзеты ў бронзу, ён, Леў Сапега, прыйшоў,– усхвалявана кажа Іван Міско, ганаровы грамадзянін Слоніма. А яго словы-спадзяванні, што хутка плошча, дзе ўсталяваны помнік, будзе насіць імя выбітнага дзяржаўнага дзеяча, прысутныя сустрэлі моцнымі апладысментамі.
Источник: газета «Праца»