Свята малака «Малочныя рэкі»

Свята малака адзначылі ў аграгарадку Крывічы

«Піце, госці, малако, будзеце здаровыя!» – так гучаў дэвіз брэндавага мерапрыемства,  якое сёння прайшло ў Крывічах. Незвычайная ўрачыстасць сабрала ўсіх жыхароў і гасцей аграгарадка на свята малака.

Калі ў двары карова – будзе ежа на стале. Менавіта такімі словамі адкрываў свята малака старшыня Дзярэчынскага сельсавета Аляксандр Белякала.

З народнай мудрасцю не паспрачаешся. Канечне, з цягам часу на вясковых падворках малочнай жывёлы прыкметна паменшылася. Але па колькасці буронак (40!) крывіцкія гаспадары займаюць першае месца сярод населеных пунктаў сельсавета. А гэта значыць, што і вытворчасць гэтага незаменнага прадукта тут, канечне, не спынілася.

Аб любімым з дзяцінства напоі ў час свята спявалі песні і чыталі вершы, спрабавалі прыгатаваныя з яго пачастункі і, вядома, узнагароджвалі тых, дзякуючы каму карысны прадукт з’яўляецца на стале.

За найбольшую колькасць літраў здадзенага малака ўзнагароду атрымаў Аляксей Касенка. А самая высокая тлустасць малака ў рагулі, якая ўтрымліваецца на падворку Кацярыны Мамедавай. Буронка Ганны Лясоты перамагла ў намінацыі “Самы высокі ўдой”.

Прызы ад арганізатараў мерапрыемства таксама атрымалі гаспадары самай сімпатычнай, жвавай і сытай каровы, а таксама рагулі, у якой самыя вялікія рогі. А самі буронкі красаваліся на фотавыставе.

Гасцей свята частавалі прысмакамі, якія мясцовыя гаспадыні прыгатавалі з малака – сырам, блінамі, пірагамі…

Зразумела, толькі гэтым свята не абмежавалася. Бо, як кажуць, не хлебам адзіным… Усе жадаючыя маглі паўдзельнічаць у конкурсах на веданне малочных страў, найхутчэйшае збіванне масла, а таксама выкананне частушак на малочную тэму.

Тэрэза КАВАЛЕВІЧ (газета «Праца»)

140 просм.

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *