Плён творчага саюза — Вольгі Ляскевіч і Марыны Букатай

Не раз, вяртаючыся з канцэрта зэльвенскіх культработнікаў, чуеш: “Нашы артысты нічым не горшыя за сталічных зорак”. І сапраўды, нам ёсць кім ганарыцца. Згадаем Станіславу Прызван і яе брата Станіслава Казакевіча, Ірыну Раманчык, Веру Рыбарчык, якія дзесяцігоддзямі праслаўлялі малую радзіму сваімі непаўторнымі галасамі на шматлікіх конкурсах. Ды і ў бліжэйшыя гады нямала тых, каго з задавальненнем слухалі і слухаюць “стар и млад”: Марына Бусловіч, Мікалай Дзярэчык, Іван Матах, Святлана Сонец, Іван Шніп… Кожны з іх дастойны пахвальнага слова!

Напярэдадні прафесійнага свята аддадзім належнае дзвюм з дзясяткаў таленавітых нашых культработнікаў, якія, працуючы сумесна, ствараюць сапраўдныя шэдэўры. Маю на ўвазе Вольгу Ляскевіч (на фота) і Марыну Букатую.

Абедзве нашы гераіні раслі ў таленавітых сем’ях. Не менш стагоддзя ўзнагароджаны Божым дарам амаль усе прадстаўнікі роду Вольгі Ляскевіч. Асабліва шчасціла яе продкам на мастацкі талент: прыгожа малявалі дзядуля, дзядзя, бацька і матуля, а брат-дызайнер увогуле славіцца далёка за межамі Беларусі. Арыгінальныя карціны сварае і Вольга. Заслугоўвае яна гарачых апладысментаў і як спявачка, калі выходзіць на сцэну з песнямі сучасных кампазітараў, а нярэдка і са сваімі, аўтарскімі.

Вось менавіта паэтычны дар Вольгі і звёў яе з другой таленавітай работніцай культуры – Марынай Букатай. Марына – патомны культработнік: яе матуля ўсё жыццё працавала ў Бародзіцкім Доме культуры. Нярэдка і дома брала ў рукі баян, і тады маленькая Марына станавілася і танцоўшчыцай, і спявачкай, радуючы бацькоў прыродным артыстызмам. Зразумела, што пасля школы шлях яе ляжаў у каледж мастацтваў. З удзячнасцю ўспамінае педагогаў, якія часта вадзілі студэнтаў у абласныя тэатры і філармонію, знаёмілі з тонкасцямі работы як рэжысёраў, так і артыстаў. Спецыяльнасць у Марыны – рэжысёр народных святаў і абрадаў, але яна, дарэчы, як і многія работнікі раённых устаноў культуры, можа замяніць любога спецыяліста, калі ўзнікае такая патрэба. Зараз яна працуе харэографам народнай эстраднай студыі “Рэтра” Зэльвенскага цэнтра культуры і народнай творчасці (кіраўнік – Іван Матах).

Некалькі гадоў назад Марыне прапанавалі прыняць удзел у абласным конурсе майстроў размоўнага жанру. Выбар твора для такога адказнага мерапрыемства – рэч няпростая. Хацелася падрыхтаваць нешта такое, каб і самой запала ў душу і каб гледачы не засталіся раўнадушнымі. Добра ведаючы творчасць Вольгі Ляскевіч, Марына звярнула ўвагу на яе легенду пра вёску Лябяды. Там было над чым папрацаваць, каб ажывіць вобразы князя, князёўны і прыгажуноў лебедзяў. Прадумвала кожны рух, каб ён адпавядаў характару герояў і іх учынкаў, дабівалася адметнасці галасоў, перабрала дзясяткі эскізаў касцюмаў…

Старанні зэльвенкі былі высока ацэнены журы: ёй прысудзілі трэцяе месца. А нядаўна, як памятаюць чытачы “Працы”, Марына стала лаўрэатам І ступені на абласным фестывалі рэгіянальнага фальклору “Панямоння жыватворныя крыніцы”, што праходзіў у Шчучыне.

Творчы дуэт Ляскевіч-Букатая не абмяжоўваецца адной толькі легендай. Марына з задавальненнем выконвае і песні на словы Вольгі. Падчас прэзентацыі зборніка Ляскевіч “Песня душы” ў раённай бібліятэцы вельмі цёпла была прынята кампазіцыя “Плачет дождь” у выкананні Букатай. Больш таго, Марына як жонка супрацоўніка МНС прымала ўдзел у аглядзе-конкурсе самадзейнасці сярод выратавальнікаў і іх сем’яў і стала першай у размоўным жанры (з легендай Вольгі) і другой – як вакалістка (з песняй Ляскевіч).

Зараз жанчыны працуюць над чарговай паэтычнай легендай Вольгі. Даўно хацела Марына ўвасобіць на сцэне гісторыю пра вёску Князева, радзіму сваёй дарагой матулі. А тут якраз аб’явілі чарговы конурс майстроў размоўнага жанру. Расказала Вользе, якім ёй бачыцца народнае паданне, а тая надала легендзе паэтычныя крылы. Паэт шліфуе тэкст, а выканаўца лепіць вобразы, адпрацоўвае дыкцыю і інтанацыю, рупліва працуе над касцюмам. І калі дазволіць сітуацыя з пандэміяй, вынік працы на конкурсе абавязкова будзе выдатным. Пажадаем гэтага нашым абаяльным зорачкам, і няхай іх саюз трывае доўга-доўга і прыносіць радасць усім, хто неабыякавы да багаццяў культуры!

Вольга ЛЯСКЕВІЧ

ЛЕГЕНДА ПРА ВЁСКУ КНЯЗЕВА

Ляцяць над зямлёю стагоддзі сівыя,
Гамоняць у пушчах лясы векавыя,
І жывучая памяць людская
У мінулае нас вяртае.
Зберагае гісторыю гэту магутны народ,
Што вандруе па свеце.
Вольны народ, прыгожы народ
Ля кастрышчаў вядзе карагод.
Не будуе дамоў, посуд не лепіць,
За сонцам ідзе праз шырокія стэпы.
Жыла ў адным табары маладая цыганка,
Прыгожая вясёлая красуня-смуглянка.
Прадказвала лёс, па далонях гадала,
На плошчах гандлёвых заўжды танцавала.
Была ў яе птушка, варона ручная.
Разумная вельмі, хітруха такая!
На плячы ў гаспадыні сядзела,
З пагардай на люд навакольны глядзела.
Быў у прыгажуні жаніх нарачоны,
Даўно ужо з ёю быў заручоны.
Любіліся шчыра, вяселля чакалі,
Да значнага дня усё рыхтавалі.
Аднойчы сярод таўкатні кірмашовай
Красуня, як жар, ля кастра танцавала
І рознага люду на плошчы гандлёвай
Вакол сябе дужа сабрала.
Былі там сяляне, краўцы, гандляры
І нават замежных краін жыхары.
Свісталі, дзівіліся, падалі ў гразь,
А міма праходзіў адзін знатны князь.
Убок азірнуўся, убачыў дзяўчыну –
Аслупянеў, анямеў на хвіліну:
“Гэй ты, галадранка, плачу залаты,
Каб мне у маёнтку прыслужвала ты!”
Усе сціхлі, цыганка далей танцавала,
А побач варона ручная лятала.
“Не чуеш ты хіба?” – Ну, два залатых!
І будзеш скакаць у пакоях маіх”.
Цыганка вачыма чароўна бліснула,
І шапку у князя варона сцягнула.
“Ах, чортава птушка, вось я табе дам!” –
“Што, княжа, варона вам не па зубах?”
І доўга на плошчы смяяўся народ,
Што князю цыганка ўчыніла адвод.
Ды дзікую злосць у кішэнь не схаваеш,
За пазухай доўга яе не ўтрымаеш.
І вось ужо вогнішча ў полі палае,
Шатры ды кібіткі навекі знішчае,
А любы, каханы ляжыць у траве,
Свінцовая куля ў яго галаве.
Ніхто ў цэлым свеце ёй не дапаможа…
“Над беднай цыганкаю злітуйся, Божа!
Няўжо ж ты не бачыш дзявочыя слёзы?”
У адказ толькі ціха шумелі бярозы.
І вось у маёнтку у князя пастылага…
Ніколі не бачыць ёй табара мілага.
І ўжо па загаду танцуе, спявае,
І права на вольнае жыцце не мае.
Нявольная птушка – загіне ў палоне,
Ёй трэба ж туды, дзе дарога і коні
І дзе на духмяныя сочныя травы
Спускаецца сонейка, скончыўшы справы.
Заціснула моцна ў руках падарунак,
Што любы калісьці купіў у лабазе,
(Кінжал стальны, востры). Такі пачастунак
Прыгатавала сягоння для князя.
І цвёрдай рукою у самае сэрца
Князю кінжал усадзіла
Ды з княжых пакояў таемныя дзверцы
На волю без страху адкрыла.
Дык што тая воля, калі ўжо ніколі
Не бачыць ёй родных і любага твару?!
Пабегла на бераг глыбокага возера,
У тыя гады безымяннага.
І чорныя хвалі над ёю закрыліся,
Лілеі ёй сталі калыскаю,
Нябёсы маланкамі ў час асвяціліся,
Грымела, гудзела і бліскала.
…Пад раніцу сціхла, застыла прырода,
І як не было непакорнае,
І толькі над возерам у карагодзе
Вароны кружыліся чорныя.
Даўно абмялела глыбокае возера.
Цыганкі і князя імёны забыліся,
І толькі мястэчка пад назваю Князева
Ля возера там прытулілася.
Легенды сівыя ўсплываюць, як воды,
І толькі адно не змяняецца:
У дзень смерці цыганкі, як дзіва прыроды,
Вароны над возерам ў зграі збіраюцца.

Яніна ШМАТКО

450 просм.

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *