Чаго толькі не было ў цэнтральным парку нашага аграгарадка Князева ў мінулую нядзелю, 6 верасня!
Цудоўныя мастацкія вырабы з бульбы, выстава работ народных майстроў, майстар-класы, фотагалерэя, дзе Яе Вялікасць Бульба была прадстаўлена ва ўсёй сваёй прыгажосці.., але гэта былі не проста выставы, а конкурсы, вынікі якіх падводзіла кампетэнтнае журы.
Дый не дзіва гэта! Ужо колькі год запар Князева ўшаноўвае БУЛЬБУ!
Падзея і на самай справе адбылася яскравая. Вось гасцей свята вітаюць Мадам Пюрэ і Бульбаманіха. Як сапраўдныя гаспадары, яны распавядаюць пра праграму свята, пра гасцей, што завіталі.
Пад гукі музыкі на сцэне праходзіць конкурс “Князеўская Лілея”.
“Нашы дзяўчаткі стараліся,
І ў бульбу наражаліся.
І зараз вось у гэты час
Вам прапануюць свой паказ”.
А колькі навокал было смакаты! Дранікі, бульба, запечаная з салам, розныя бутэрброды — усяго не пералічыш! Госці з задавальненнем частаваліся.
На сцэне самадзейныя творчыя калектывы раёна выконвалі цудоўныя музычныя кампазіцыі. Ствараць святочны настрой дапамагалі народны ансамбль песні і музыкі “Весялуха”, удзельнікі народнай эстраднай студыі “Рэтра”.
Нарэшце загучалі фанфары і на сцэну паднялося журы, каб назваць імёны пераможцаў конкурсаў “Арыгінальнае блюда”, “Бульбяны багатыр”, “Бульбяная фантазія” і іншыя і ўзнагародзіць іх.
На добрую доўгую памяць жадаючыя фатаграфаваліся з гаспадынямі свята — Мадам Пюрэ і Бульбаманіхай.
Свята завяршылася, але водгукі яшчэ доўга будуць гучаць над Князеўшчынай, каб запрасіць жыхароў аграгарадка і яго гасцей у наступным годзе.