У трэцюю нядзелю пасля Вялікадня праваслаўныя хрысціяне адзначаюць Дзень святых Жанчын-Міраносіц ці праваслаўны жаночы дзень. Але мала хто ведае, што гэты дзень вызначаны ў гонар святых жанчын, якія прымалі Хрыста ў сваіх дамах і ішлі за ім, каб служыць яму. Гэтыя жанчыны заставаліся з Госпадам і тады, калі апосталы-мужчыны баяліся быць з ім. Менавіта жанчыны даказалі сваю любоў да Бога і былі з ім нават на Галгофе…
У Сынкавіцкай Свята-Міхайлаўскай царкве Дзень Жанчын-Міраносіц на працягу многіх гадоў адзначаецца святочнай службай, у канцы якой настаяцель айцец Арсеній усіх прысутных у храме жанчын віншуе цёплымі словамі і кветкамі.
Сёлета гэты дзень прыпаў на 12 красавіка і быў, як заўсёды, урачыстым і незвычайным.
З благаславення пратаіерэя Арсенія Ананка, дзякуючы клопатам служыцеля храма іерэя Сергія Шумца і работнікаў культуры Святланы Богуш і Таццяны Юрко ў аграгарадку Елка адбыўся святочны канцэрт, прысвечаны Дню Жанчын-Міраносіц.
Усім жанчынам пры ўваходзе ў глядзельную залу Дома культуры ўручалі салодкія пачастункі. Затым прагучала ўрачыстая мелодыя царкоўнага звону і расказ айца Арсенія Ананка аб гісторыі свята. Настаяцель заклікаў сяльчан (а ў зале былі і жанчыны, і мужчыны) да міру, спагады, узаемаразумення і веры…
А пасля паліліся пес-ні…
Кожны нумар (канцэрт працягваўся аж дзве гадзіны!) быў прыняты на “біс”. Мясцовыя артысты зацікавілі ўсіх сваім рэпертуарам і выдатным выкананнем.
У зале было ціха-ціха… Пад меладычныя гукі кожны з прысутных разважаў аб сваім жыцці, назначэнні на зямлі, пераносіўся ў думках у родныя мясціны, успамінаў бацькоў, дзякаваў матулю… Суправа- джаліся выступленні мультымедыйнымі прэзентацыямі, якія дабаўлялі ў канцэртныя нумары вобразнасці ўспрымання слоў музычных кампазіцый. Асабліва востра пачуцці ўскалыхнуліся падчас інсцэніраванай песні ў выкананні работнікаў Дома культуры, вучняў Елкаўскай СШ і мясцовай спявачкі Вольгі Гаштольд.
У заключэнні ўсе разам выканалі традыцыйнае “Многае лета” як пажаданне здароўя і Боскага благаслаўлення на далейшае жыццё. Упэўнена, што дадзенае мерапрыемства пакінула ў душах аднавяскоўцаў не толькі асалоду ад праслуханых песень, але і разуменне гэтага праваслаўнага свята – Дня Жанчын-Міраносіц, абавязак якіх – несці мір і згоду ў свае сем’і і быць вернымі Богу.