ДА 765-ГОДДЗЯ Г.П. ЗЭЛЬВА

З ГІСТОРЫІ РАЗВІЦЦЯ КУЛЬТУРЫ НА ЗЭЛЬВЕНШЧЫНЕ

Культурна-асветніцкая дзейнасць на Зэльвеншчыне вялася яшчэ ў той час, калі  Зэльвеншчына знаходзілася ў складзе Польскай дзяржавы.

3 1935 года на Зэльвеншчыне побач з партыйнымі ячэйкамі працавалі і клубы,  якія ставілі сваёй задачай павышэнне культурна- асветнікага ўзроўню насельніцтва. Юнакі i дзяўчаты праводзілі вечарыны са спектаклямі, дэкламацыямі, з харавымі выступленнямі. На сцэне клуба в.Вострава было пастаўлена каля 10 п’ес, у тым ліку “Паўлінка”, “Раскіданае гняздо”, “Збянтэжаны Саўка” і іншыя. Са спектаклямі самадзейныя артысты аб’ездзілі ўсе навакольныя вёскі.

У 1927 годзе быў пабудаваны клуб у в. Дзеркачы, дзе моладзь таксама рыхтавала пастаноўкі. У сярэдзіне 1930-х гадоў быў  пабудаваны клуб у в. Конна. У новым клубе збіраліся на сходы, на спектаклі, на танцы. Моладзь выступала з тэатральнымі прадстаўленнямі  не толькі ў в. Конна i Зэльве, але ездзіла ў Ваўкавыск, Беласток. У 1933 годзе пабудаваны  клуб у в. Міжэрычы, у 1937 годзе — клуб у в. Грабава.

Пасля ўключэння Заходняй Беларусі ў склад СССР i ўз’яднання яе з БССР адбыліся змены ў культурным жыцці Зэльвеншчыны.

Пры клубах вёсак Каралін, Вострава, Конна, Старое Сяло i іншых працавалі гypткі мастацкай самадзейнасці.

Пасля вызвалення Зэльвеншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у раёне не працавала нi адна ўстанова культуры. Паступова пачала аднаўляцца ix работа. У 1945 годзе пры гарадскім Савеце была адкрыта хата- чытальня, дзе прадугледжвалася работа гурткоў мастацкай самадзейнасці, масавае чытанне кніг, правядзенне іншых мерапрыемстваў.

Пры ўстановах культуры ствараюцца гурткі мастацкай самадзейнасці, наладжваюцца ix агляды. У снежні 1948 года калектывы мастацкай самадзейнасці раённага Дома культуры, Міжэрыцкага сельскага Дома культуры i Дзергілёўскай хаты-чытальні  прынялі ўдзел у абласным аглядзе мастацкай самадзейнасці i паказалі высокае выканаўчае майстэрства. Калектыў раённага Дома культуры ўдзельнічаў i ў рэспубліканскім аглядзе.

У канцы 1950-х — пачатку 1960-х гадоу актывізавалася работа клубаў i Дамоў культуры. У 1960 годзе ў раённым аглядзе драматычных калектываў прыняло ўдзел 15 драмкалектываў. У 1961 годзе ва ўстановах культуры працавала 92 гурткі мастацкай самадзейнасці ў якіх займалася 837 чалавек. Было дадзена за год 194 канцэрты.

У дзесятай пяцігодцы (1976-1980) былі адкрыты 2 сельскія Дамы культуры, 7 сельскіх клубаў. Сетка ўстаноў культуры сістэмы Міністэрства культуры БССР павялічылася на 10 ўстаноў.

У кастрычніку 1979 года праведзена цэнтралізацыя клубных ўстаноў на тэрыторыі Зэльвенскага i Дзярэчынскага сельсаветаў. Створаны дзве цэнтралізаваныя клубныя сістэмы: Бародзіцкая i Дзярэчынская. Значна актывізавалася работа ўстаноў культуры раёна па культурнаму абслугоуванню насельніцтва. Паяўляюцца новыя формы клубнай работы: святы вёсак, вуліц, двароў, святы сем’яў, святы культуры i спорту, свята Вясны, Купалле, калектыўныя дні адпачынку.

3 1976 года ў раёне пачынае развівацца мастацкая самадзейнасць, асабліва харавы жанр. Створаны i працуюць 28 харавых калектываў, 45 вакальных груп, танцавальныя, драматычныя, фальклорныя калектывы.

У 1982 годзе праведзена цэнтралізацыя клубных устаноў культуры раёна, створана 11 цэнтралізаваных клуб­ных сістэм.

У 1985 годзе насельніцтва раёна абслугоўвала 98 устаноў культуры: раённы Дом культуры, аўтаклуб, 14 сельскіх Дамоў культуры, 30 сельскіх клубаў, 5 калгасных клубаў.

Самадзейныя артысты Зэльвеншчыны прынялі актыўны ўдзел ва Усесаюзным аглядзе мастацкай творчасці ў 1985 годзе, прысвечаным 40-годдзю Вялікай Перамогі. Асабліва вызначыўся хор калгаса “Светлы шлях” (зараз СВК “Галынка”), мастацкі кіраўнік  У. М. Плюта быў удастоены звання лаўрэата і  ўзнагароджаны медалём.

У 1972 годзе ў вёсцы Грабава быў створаны самадзейны танцавальны калектыў, які выконваў аўтэнтычны беларускі народны танец “Грабаўская кадрыля”. У 1987 годзе ў ліку пяці калектываў вобласці ён прадстаўляў самадзейнае мастацтва на заключным канцэрце ў              г. Мінску, прысвечаным 70-годдзю Вялікага Кастрычніка.

У 1988 годзе закончана будаўніцтва Дома культуры ў калгасе “Перамога” , адкрыты сельскі Дом культуры у в. Тулава. Сетка ўстаноў культуры ў 1990 годзе: 48 клубных устаноў. У 1996 годзе ганаровае званне “Народны самадзейны калектыў” прысвоена ансамблю песні i музыкі “Весялуха” раённага Дома культуры i ансамблю necнi “Званочкі’ Дзярэчынскага цэнтральнага Дома культуры.

У перыяд 1990-1996 гг. сетка дзяржаўных устаноў культуры скарацілася амаль на палову, у сувязі з сацыяльна – эканамічнымі падзеямі, якія адбыліся ў гэтыя гады, перабудовай і г.д.

З 1 сакавіка 2015 рашэннем раённага выканаўчага камітэта створана дзяржаўная ўстанова культуры “Раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці”, у склад якога ўвайшлі:

  • аддзелы па правядзенню культурных мерапрыемстваў, па развіццю народнай творчасці, рамёстваў і традыцыйнай культуры, па арганізацыі культурна-дасугавай дзейнасці жыхароў аграгарадка – 4 (Бародзічы, Елка, Каралін, Дзярэчын);
  • сектары: па арганізацыі культурна-дасугавай дзейнасці жыхароў аграгарадка – 5 (Князева, Міжэрычы, Цяглевічы, Галынка, Крывічы), па арганізацыі культурна-дасугавай дзейнасці жыхароў аддаленых і маланаселеных пунктаў – 1, па кінавідэаабслугоўванню – 1) .

Установы культуры аказваюць больш за 120 відаў платных паслуг. Праводзіцца больш за тры з паловай тысяч мерапрыемстваў: тэатралізаваных святаў, абрадаў, канцэртаў. Самымі яркімі і значнымі сталі свята «Ганненскі кірмаш», абласны фестываль аўтарскай песні «Новае пакаленне», шэсце Дзедаў Марозаў на адкрыцці галоўнай елкі пасёлка, мерапрыемствы ў рамках акцыі “Нашы дзеці”, творчыя справаздачы калектываў аматарскай творчасці ўстаноў культуры, фестываль аматарскай творчасці ўстаноў і арганізацый пасёлка “Таленты Зэльвеншчыны”.

Працуе 76 клубных фарміраванняў, з іх 42 для дзяцей і падлеткаў.

  • 7 калектываў носіць званне “народны”, 1- “ўзорны”.

Упершыню прайшлі і скарысталіся поспехам:свята бульбы “Князеўская рассыпуха” , аг. Князева, свята малака “Малочныя рэкі”, аг. Крывічы, свята калодзежу, аг. Каралін, свята яйка, аг. Цяглевічы, свята кветак, аг. Міжэрычы, свята з водарам трускавак, аг. Бародзічы, конкурс “Аўталедзі”, аг. Елка, фестываль творчасці маладых “Маладзёжная хваля”, г.п. Зэльва. Больш за 4,5 тысяч чалавек наведалі 1528   платных мерапрыемстваў.

Значны ўклад у сістэму  развіцця культуры раёна ўнеслі яго кіраўнікі:

Недасекаў Аляксандр Цімафеевіч – перыяд работы 1951-1954г.г.;

Шылаў Барыс Дзмітрыевіч- перыяд работы 1954-1955г.г.;

Малчанаў Віктар Іванавіч- перыяд работы1955- 1956 г.г.;

Жабін Віктар Іванавіч- перыяд работы 1956-1970 г.г.;

Крыўцоў Мікалай Іванавіч- перыяд работы 1970-1975 г.г.;

Зайко Галіна Яўгенеўна – перыяд работы 1975-1984 г.г.;

Навасад Віктар Эдуардавіч – перыяд работы 1984-1999 г.г.;

Раманчук Галіна Мікалаеўна – перыяд работы 1999 па цяперашні час.

2 738 просм.