Народный мастер Республики Беларусь

 
 

Антаніна Пятроўна Пенцяк нарадзілася ў 1941 годзе ў вёсцы Вострава Зэльвенскага раёна. Пасля заканчэння школы працавала ў калгасе “Чырвоны партызан”. Сёння жыве ў в. Галынка Зэльвенскага раёна.

Традыцыйнымі рамёствамі (ткацтва і вышыўка) пачала займацца з дзяцінства, калі дапамагала матулі Ганне Лук’янаўне Жоглік. На кроснах ткалі дываны, посцілкі, дарожкі і проста тканіну.

Асноўнай сыравінай для ткацтва была кудзеля з ільну і воўны. З іх пралі ніткі. Добра валодае  рамяством прадзення ніці. Льняныя ніткі, у асноўным, ішлі на выраб палатна, з якога потым шылі ручнікі, бялізну, абрусы і кашулі. Многія рэчы аздаблялі ручной вышыўкай.

Менавіта ад сваёй маці  Антаніна Пятроўна навучылася і пераняла майстэрства прасці і ткаць, вязаць і вышываць. Яе вырабы маюць высокі мастацкі густ, з простага палатна яны ператвараюцца ў прыгожую рэч з замыславатымі ўзорамі.

Вялікім прызнаннем карыстаюцца яе  посцілкі і дываны, выкананыя на аснове пераборнага ткацтва. Майстрыха творыць цуд як пераборам (“на жыўцы”), так і закладным спосабам (“у матушкі”). 

Акрамя ткацтва А.П. Пенцяк добра валодае майстэрствам ручной вышыўкі гладдзю і крыжыкам. Яе вырабы маюць высокую культуру выканання, гэта сапраўдныя творы мастацтва, выкананыя ў мясцовых традыцыях.Гэты від рамяства захаваўся ў яе творчасці як узор мясцовай, рэгіянальнай традыцыі. У яе работах уражлівае не толькі высокая тэхніка выканання і бездакорны густ, але і шматвобразнасць узораў.

 Прыгожыя вырабы майстра становяцца каштоўнымі падарункамі блізкіх і знаёмых. Сярод усіх работ, што творыць Антаніна Пятроўна, цяжка выбраць асобную работу, засяродзіць увагу толькі на адной. Усе яны розныя і разам з тым аднолькава прыгожыя.

Па сёняшні час Антаніна Пятроўна з’яўляецца актывістам у папулярызацыі традыцыйных рамёстваў. Яе вырабы не адзін раз былі  прадстаўлены на розных святах, выставах народных майстроў. Майстрыха пастаянны ўдзельнік Рэспубліканскага фестываля нацыянальных культур. Кожны год дае майстар-класы на ткацкім падворку на свяце “Ганненскі кірмаш”, удзельнік адкрытага рэгіянальнага конкурса  фальклору “Сустрэчы ў “Верасе”, брэндавых мерапрыемстваў, рэгіянальных фестываляў абрадаў і рамёстваў “Скарбы Гродзеншчыны”, “Панямоння жыватворныя крыніцы”.

За развіццё і папулярызацыю беларусскіх народных промыслаў і рамёстваў Антаніна Пятроўна неаднаразова адзначалася дыпломамі, граматамі абласных і раённых фестваляў  і конкурсаў.

Антаніна Пятроўна душэўны чалавек актыўнай жыццёвай пазіцыі. Увесь свой талент яна аддае людзям. Стварае вакол сябе атмасферу радасці і дабрыні. Свае веды, талент перадае маладому пакаленню.

Руплівасць, старанне, майстэрства даюць свае вынікі. Саюз майстроў Беларусі высока ацаніў працу і майстэрства Антаніны Пятроўны. У студзені 2014 года ёй прысвоена ганаровае званне “Народны майстар Беларусі”.