Цікавасць да музейнага пакоя ў Дзярэчыне павялічваецца

Гісторыю свайго краю трэба ведаць. Так лічаць актывісты раённай ветэранскай арганізацыі і працягваюць ладзіць экскурсіі па родных мясцінах. На гэты раз яны наведалі музейны пакой, што адкрыўся напрыканцы мінулага года ў Дзярэчыне.

У цікавае віртуальнае падарожжа былых стагоддзяў “малога Версалю” зэльвенцаў запрасіў метадыст цэнтра культуры і народнай творчасці Генадзь Коўш. Музейнае памяшканне змяшчае некалькі змястоўных экспазіцый і выстаў экспанатаў. Па словах экскурсавода, большасць з іх была знойдзена на тэрыторыі мястэчка ці перададзена мясцовымі жыхарамі. Абсталяванне пакою таксама праходзіла пры дапамозе тутэйшых разьбяроў – Аляксандра Ішчанкі, Валерыя Фіцінскага і Міхаіла Грынцэвіча.

Падчас экскурса ветэраны даведаліся, што першыя пісьмовыя ўзгадванні пра Дзярэчын змешчаны ў “Паведамленнях пра літоўскія шляхі”, якія складалі крыжакі нямецкага ордэна, і даціруюцца прыкладна 1385 годам. Дакладнай жа датай згадкі з’яўляецца 10 кастрычніка 1416 года, калі Вялікі князь Вітаўт падпісаў прывілей на пажалаванне Дзярэчына пану Копачу.

Існуе некалькі версій паходжання назвы. Адна з іх сведчыць аб тым, што назва паходзіць ад прозвішча “дзерачэня”, якое азначае задзіра, забіяка, буян. Другая – ад слова “дзярэча”, гэта занятак пчаляроў. Краязнаўца М.М. Маліноўскі наконт гэтага выказаў сваю думку – назва ўтварылася ад спалучэння слоў “дзе рэчка”. А даследчык Г.В. Коўш лічыць, што ад спалучэння назвы скандынаўскага бога “Dor” (Tor) са словам “чын”(абрад): Дзёрачын, Торачын, Дзярэчын, што азначае месца пакланення богу Тору.

Падрабязны аповед пра асноўных уладальнікаў гэтага месца з пачатку XV і да XIX ст. гучаў каля экспазіцый “Дзярэчын пры князях Палубінскіх” і “Дзярэчын пры князях Сапегах”. Генадзь Коўш расказаў не толькі пра радаслоўную і спадчыну князёў, але і іх дасягненні падчас праўлення. Напрыклад, Аляксандр Міхал Сапега настолькі любіў Дзярэчын і быў яго сапраўдным патрыётам, што ў 1786 годзе перанёс галоўную рэзідэнцыю роду з ружанскага палаца сюды. Незадоўга да гэтага пабудаваў вайсковую акадэмію, а пасля перебудаваў яе ў палаца-паркавы ансамбль, дзе знаходзіліся архіў князёў Сапегаў, карцінная галерэя, бібліятэка (па маштабнасці другая пасля бібліятэкі князёў Радзівілаў), тэатр, пакой са зброяй, археалагічны кабінет, званіца, капліца, сонечны гадзіннік, а таксама разбіў парк плошчай на 18 гектараў. Акрамя таго, Аляксандр Сапега меў здольнасці прадпрымальніка і гаспадара. Непадалёку ад Дзярэчына на беразе Шчары была ўзведзена прыстань і арганізаваны гандаль праз Нёман аж да Калінінграда. Пры ім пачалі разводзіць пародзістых коней, вырошчваць бульбу, праводзіць двухразовае ворыва і г.д.

Экспазіцыі пакою змяшчаюць эскізы гербаў Палубінскіх і Сапегаў, партрэты князёў, макет палаца, калекцыі рэчаў, знойдзеныя ў Дзярэчыне у XIX-пачатку XX ст., а таксама фотаздымкі і замалёўкі помнікаў архітэктуры (касцёла, сінагогі, вежы-званіцы і інш). Асобна прадстаўлена выстава копій карцін, якія ў свой час належалі князям, а пазней былі вывезены ў Эрмітаж Санкт-Пецярбурга: “Мадонна і дзіця” (XV ст.), “Псіхея і яе сёстры” (XV-XVI ст.), “Статуя Арфей” (XVIII ст.), “Бяленне палатна над Харлемам” (XVII ст.).

У канцы экскурсіі Генадзь Коўш адзначыў, што на афармленні музейнага пакою работа не спыняецца. Ёсць задумка сабраць экспазіцыю, даціраваную ад 1939 г. і да нашых дзён, а таксама арганізаваць пашыраную літаратурную выставу, тым больш што можна знайсці гістарычныя матэрыялы і ёсць нагода.

Праграма прадоўжылася наведваннем раённага аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры, дзе ветэраны пазнаёміліся з работамі мясцовых таленавітых майстроў.

Сяргей БАГАН:
– Не толькі старэйшае пакаленне, але і моладзь павінны ведаць мінулае сваіх населенных пунктаў, свайго рэгіёна. А калі яно яшчэ і настолькі багатае, грэх не расказаць суайчыннікам. Лічу, што да такіх месцаў, як помнікі загінулым у гады вайны, воінскай славы, архітэктуры варта арганізоўваць як мага больш экскурсій.

Марыя ЗАЯЦ:
– Не блага было б уключыць наведванне дзярэчынскага музея ў маршрут велапрабега, а таксама школьных паездак і дня суботняга выхаднога. У Год малой радзімы гэта асабліва дарэчы.

Источник: газета «Праца»

783 просм.

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *