Свята, прысвечанае Жанчынам-Міраносіцам у аг. Елка

Штогод у трэцюю нядзелю пасля Вялікадня праваслаўныя хрысціяне святкуюць Дзень святых Жанчын-Міраносіц. На працягу многіх гадоў у Сынкавіцкай Свята-Міхайлаўскай царкве гэты дзень адзначаецца святочнай службай, у канцы якой усіх прысутных у храме жанчын віншуюць не толькі цёплымі словамі, але і кветкамі. Сёлета свята прыпала на 22 красавіка і было, як заўсёды, урачыстым і незвычайным.

З благаславення протаіерэя Арсенія Ананкі, настаяцеля Сынкавіцкай царквы, і дзякуючы агульным клопатам і намаганням служыцеля храма іерэя Сергія Шумца і мясцовых культработнікаў Святланы Богуш і Таццяны Юрко, у сельскім Доме культуры адбыўся святочны канцэрт, прысвечаны Дню Жанчын-Міраносіц.

Пачаўся вечар уручэннем кожнай жанчыне, якая заходзіла ў глядзельную залу, кветак і шакалада. Затым прагучаў царкоўны звон, і протаіерэй Арсеній Ананка расказаў аб гісторыі свята. Мала хто ведае, што гэты дзень вызначаны ў гонар святых жанчын, якія прымалі Хрыста ў сваіх дамах і ішлі за Ім, каб служыць Яму. Гэтыя жанчыны за-ставаліся з Госпадам і тады, калі апосталы-мужчыны баяліся быць з ім. Менавіта жанчыны даказалі сваю любоў да Бога і былі з Ім нават на Галгофе… Настаяцель заклікаў вяскоўцаў
(а ў зале былі і жанчыны, і мужчыны) да міру, спагады, узаемаразумення і веры…

А пасля паліліся песні. Пад кіраўніцтвам айца Сергія Шумца хор Сынкавіцкай царквы праспяваў “Пасхальны гімн”, “Ангел вапіяшэ” і “Крынічку”. Кожны нумар канцэрта (а працягваўся ён аж дзве з паловай гадзіны!) быў прыняты на “біс”. Асабліва зачараваў усіх голас айца Сергія, які саліраваў на працягу канцэрта. Дапамагалі яму прадстаўнікі сталічнай моладзі – удзельнікі царкоўнага хору. Мясцовыя артысты Наталля Юч, Вольга Гаштольд, Мікалай Бражнікаў, Дзмітрый Калодка, Таццяна Юрко, Святлана Богуш і іншыя здзівілі ўсіх сваім рэпертуарам і выдатным выкананнем. Цудоўна, што на гэта свята сышліся людзі рознага ўзросту: Надзея Міхайлаўна Дзянішчык, Галіна Міхайлаўна Давыдчык, Вера Міхайлаўна Якімец (прадстаўнікі старэйшага пакалення) выканалі народныя песні, а вучні Елкаўскай сярэдняй школы Ксенія Давыдчык, Вераніка Кавалёва, Вікторыя Ганчарэвіч, Валерыя Ганчарэвіч, Марыя Рында, Дар’я Маісеенка (яны ж удзельнікі васкрэснай школы) паказалі свае здольнасці і ў песнях, і ў танцах, і ў чытанні вершаў.

Дадзенае мерапрыемства, безумоўна, пакінула ў душах аднавяскоўцаў не толькі асалоду ад праслуханых песень, але і разуменне дадзенага праваслаўнага свята, свята Жанчын-Міраносіц, абавязак якіх – несці мір і згоду ў свае сем’і і быць вернымі Богу.

 

1 222 просм.

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *