9585

СВЯТА ВЁСКІ ПРАЙШЛО Ў ХАМІЧАХ

Многія з настальгіяй згадваюць пра жыццё ў вёсцы ў другой палове XX стагоддзя, калі там было шмат дзяцей і моладзі, і амаль у кожным населеным пункце існавалі клуб, бібліятэка, магазін. На жаль, час назад не павернеш. Вёска старэе, і нічым не вернеш былога шматлюддзя. І таму розныя ўстановы раёна стараюцца дайсці да кожнага маланаселенага пункта, каб людзі адчувалі сябе там камфортна. Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ўлічвае кожнага чалавека, які патрабуе дапамогі. Двойчы на тыдзень прадметы першай неабходнасці дастаўляе аўтамагазін, працуе выязная пошта. А работнікі культуры прапануюць змястоўны адпачынак.
Вялікай папулярнасцю ў жыхароў аддаленых населеных пунктаў карыстаюцца святы вёсак. Вось і нядаўна такое свята было наладжана ў вёсцы Хамічы Славаціцкага сельсавета. Ініцыятарам, як заўсёды, стала загадчыца сектара па арганізацыі культурна-досугавай дзейнасці жыхароў аддаленых і маланаселеных пунктаў раёна цэнтра культуры і народнай творчасці Тамара Кісель. Узяла ў сельсавеце спісы сельскіх жыхароў і нумары іх тэлефонаў, і разам з бібліятэкарам Валянцінай Ступчык пачала збіраць “дасье” на кожнага хамічаніна. Дырэктар цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Святлана Жамойціна ўдакладніла дзень сумеснага выезду ў вёску.
І вось усё ва ўсіх гатова: у Тамары Лявонцьеўны напісаны сцэнарый, у членаў вакальнай групы “Радасць” адрэпеціраваны музычныя нумары, старшыня Славаціцкага сельсавета Людміла Шастак падвяла вынікі конкурсу на лепшае падвор’е. Гаспадыня двара, дзе бу-дзе праходзіць свята, Яўгенія Аляксандраўна Шлык упрыгожыла свой двор дыванамі і ручнікамі вясковых умеліц, спецыялісты цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва завяршылі падрыхтоўку сваіх матэрыялаў.
Дзень выдаўся на славу: цёплы, пагодлівы. Вёска патанае ў бэзавай квецені. Настрой ва ўсіх прыўзняты. Старшыня сельсавета Людміла Шастак віншуе сабраных са святам вёскі. Дзякуе за самаадданую працу. А таксама за тое, што і сёння, у сталым веку, вяскоўцы падтрымліваюць належны парадак у дамах і вакол іх. Асаб-лівую падзяку выказвае пераможцам конкурсу на лепшы падворак: Н.У.Гележа, Н.У.Хвясько, М.І.Чабярака, В.У.Качан і Я.А.Шлык.
Бібліятэкар Валянціна Ступчык нагадвае аб слаўным мінулым вёскі. А потым увагай прысутных цалкам завалодвае ініцыятар свята і вакальная група на чале з акампаніятарам Мікалаем Дзярэчыкам. Тамара Лявонцьеўна прапануе ўшанаваць памяць хамічан, што загінулі за наша мірнае жыццё ў гады вайны, хвілінай маўчання. А потым пачынае аповед пра сённяшніх жыхароў Хамічоў. Лёс кожнага з іх, здавалася б, непрыкметны, тым не менш – унікальны. Вось самыя старэйшыя жыхаркі вёскі Людміла Міхайлаўна Кузьміцкая і Таццяна Дзмітрыеўна Хвясько. Іх юнацтва супала з ваеннай парой. Кожны дзень іх маглі забраць у палон, адправіць у Германію на прымусовыя работы. А пра галодныя пасляваенныя гады, калі выжыць дапамагалі крапіва ды лебяда, таксама без слёз не згадаеш. І, нягледзячы на ўсё, жыла ў іх вера ў нялёгкае зямное шчасце. Яно прыйшло – каханне, сям’я, свой дом, дзеці… Зараз Людміла Міхайлаўна самая багатая на ўнукаў і праўнукаў бабуля: іх у яе ажно 24!
Работнікі цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Наталля Дарафей і Алена Лабецкая сардэчна павіншавалі самых паважаных жанчын вёскі і ўручылі ім падарункі.
…Пасля канцэртнай праграмы ўвагай жыхароў завалодалі работнікі цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Ім было што паказаць і пра што расказаць. Каб жыхары лепш арыентаваліся ва ўсёй іх шматграннай рабоце, кожнаму ўручылі буклет аб паслугах установы. Падрабязна расказалі аб тым, хто можа разлічваць на гумані-тарную дапамогу. Пазнаёмілі з умовамі жыцця адзі-нокіх пажылых людзей у вёсках Мадзейкі і Акцябрскай. Дапамаглі людзям падабраць рэчы з гуманітаркі, якія прывезлі з сабой. Не адразу, але паступова жыхары ацанілі акцыю сацыяльных работнікаў, дзякавалі за ўвагу да іх патрэб.
…У планах Тамары Кісель і яе каманды свята вёскі Марцінавічы.
Яніна Шматко.
575 просм.

Ответить

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *